16 Мая 2020
Дзве дастойныя кнігі для розных аўдыторый. Абедзве - унікальныя з'явы на беларускім кніжным рынку.
Яшчэ ніколі ў Беларусі не выходзілі раманы, напісаныя на падставе японскай мангі. Еве Вайтоўскай удалося спалучыць дынамічны сюжэт японскага жанру і звыклыя нам рэаліі беларускай школы. Атрымаўся неверагодны кактэйль, які збівае з ног пасля прачытання ўжо першых раздзелаў. Будзе цікава не толькі падлеткам, але і дарослым, якія хочуць успомніць сваю маладосць..
448 старонак пакручастых зігзагаў сюжэту і шалёнай дынамікі.
"Тыль" Даніэля Кельмана трыумфальна крочыць па свеце. Ён здабыў усемагчымыя ўзнагароды ў Германіі і Аўстрыі, а цяпер нацэліўся на найважнейшую ў літаратурным свеце Букераўскую прэмію. Ужо ў шорт-спісе! А пераможца будзе вызначаны ўлетку.
Яшчэ ніколі ў Беларусі не выходзіла кніга з актуальнага спісу прэстыжнай міжнароднай прэміі. Не паспелі яе выдаць нашы суседзі. Толькі беларусы могуць атрымліваць вялічэзную асалоду ад прачытання на роднай мове.
"Тыль" - гістарычны раман, дзе падзеі адбываюцца на фоне жахаў кровапралітнай Трыццацігадовай вайны. Аднак праз уваход у гісторыю Кельман віртуозна нацэльвае свой погляд на сучаснасць, надаючы кнізе мноства ўнікальных універсальных сэнсаў. Таму кніга і цэніцца сярод чытачоў па ўсім свеце.