Гарман упершыню збіраецца ў школу, гэта яго апошнія летнія дзянёчкі свабоды і цудоўнай безадказнасці. Ён збянтэжаны і разгублены. А тут яшчэ і пажылыя цётачкі, якія прыязджаюць з «чужога часу» і прывозяць кожнае лета з сабою «раматус, артрыт і міндальны пірог». Гарман разглядае цётчыны зубныя пратэзы і распытвае цётачак пра смерць, час і страхі, якія хаваюцца ўнутры кожнага з нас.
Знакаміты нарвежскі пісьменнік і ілюстратар Стыян Холе стварыў дзіўны свет, у якім яркія візуальныя вобразы і сур’ёзны і разам з тым просты тэкст пераплятаюцца ў адзінае дзівоснае цэлае.
Гэтая кніга здабыла мноства прызоў і прэмій на розных кніжных выставах для дзяцей, уключаючы самую прэстыжную - Балонскую 2007 года. Твор перакладзены на 18 моў свету.